Да стыхійнага мемарыяла на месцы гібелі Дзмітрыя Стахоўскага прыехалі сілавікі



Каля дома на вуліцы Кірылы Тураўскага, дзе загінуў Дзмітрый Стахоўскі, з’явіліся людзі ў форме, паведамляе тэлеграм-канал TUT.BY.

Як паведамілі TUT.BY жыхары, сілавікі пад пагрозай звальнення запатрабавалі ў кансьержкі прыбраць кветкі, лампады і свечкі, якія туды прыносілі людзі, аднак жанчына адмовілася, «таму што верніца».

Прадстаўнікі праваахоўных органаў, па словах мясцовых жыхароў, заявілі, што ліквідуюць Мемарыял супрацоўнікі Рэмаўтадара.

Нагадаем, 26 траўня стала вядома, што 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, які быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках, пакончыў з сабой. У перадсмяротнай запісцы на сваёй старонцы «ВКонтакте» малады чалавек вінаваціць у сваёй смерці Следчы камітэт.