Да выбараў будаўнікі выканалі двухмесячны план



Чарговая электаральная кампанія ў Беларусі падыходзіць да завяршэння, хоць апошнія дні перад галасаваннем, як правіла самыя «гарачыя» для агітацыі. У лютым 1985 года тагачасныя жыхары краіны абіралі Вярхоўны Савет БССР.

Гэта былі апошнія безальтэрнатыўныя выбары, якія адбыліся ў лепшых колерах «трыумфу сацыялістычнай дэмакратыі». Наступная выбарчая кампанія 1990 года стане найважнейшым крокам да кардынальных перамен (гл.: Выбары 1990: БНФ рыхтуе пагромы, а КПБ у кроку ад паразы).

Цяпер вялікая ўвага надаецца Інтэрнэту. Ад кампаніі да кампаніі ўсё больш агітацыі, спрэчак, выказванняў выбарцыназіраюць у сеціве. А ў перыяд, які разгледзім адзіным сродкам масавай агітацыі былі дзяржаўна-партыйныя выданні і нешматлікія плакаты. З нагоды пагартаем беларускамоўную газету «Звязда на меліярацыі Палесся» за люты 1985 года. Друкаваны орган ЦК Кампартыі, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР пераважна асвятляў жыццё Берасцейшчыны і Гомельшчыны.

Выбары як свята, а святу заўжды мы рады

На першай старонцы нумара 19 (1996) за аўторак, 12 лютага, размешчана невялікае паведамленне ў адмысловай старонцы «Насустрач выбарам у Саветы». Напісаў таварыш Храмянкоў, брыгадзір муляраў ПМК-75 трэста «Гомельсаўгасбуд» Нараўлянскага раёна: «Наша брыгада рыхтуе падарунак Дню выбараў. Мы вырашылі да 24 лютага выканаць двухмесячны план будаўніча-мантажных работ. Так працягваецца рабочая традыцыя сустракаць знамянальныя падзеі працоўнымі дасягненнямі. Працуючы на ўзвядзенні 60-кватэрнага жылога дома, штодзённа перавыконваем даведзеныя зменныя нормы. Прадукцыйнасць працы ў брыгадзе ўзрасла супраць планавай на адзін працэнт. Узоры старання паказваюць В.І. Торчык, І.У. Грыб, В.Я. Салянка. Усе яны маюць багаты вытворчы вопыт, ахвотна дзеляцца ім з моладдзю».

За кандыдатаў непарушнага блоку камуністаў і беспартыйных!

У тым жа нумары і таксама на першай старонцы размешчаны матэрыял «Непарушнае адзінства», які распавядаў чытачам пра сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР у Столінскім раёне Берасцейшчыны і ў Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны.

Паведамленне са Столінскага раёна: «Прадстаўнікі працоўных калектываў, якія ўваходзяць у Белавушскую выбарчую акругу, сабраліся ў Доме культуры калгаса «Перамога» Столінскага раёна. Тут адбылася сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларускай ССР начальнікам Галоўпалессеводбуда Анатолем Антонавічам Зеляноўскім. Сход адкрыў сакратар партыйнай арганізацыі калгаса «Перамога» М.Р. Кухарчук. Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты – галоўны эканаміст гаспадаркі А.С. Пратасавіцкі расказаў аб жыццёвым шляху, працоўнай і грамадскай дзейнасці А.А. Зеляноўскага. Ён заклікаў усіх выбарцаў 24 лютага аднадушна аддаць галасы за кандыдатаў непарушнага блоку камуністаў і беспартыйных. На сустрэчы выступілі загадчыца фермы калгаса «Перамога» М.М. Сенькавец, настаўніца мясцовай дзесяцігодкі В.С. Альгамец, старшыня выканкама Белавушскага сельскага Савета народных дэпутатаў Ф.Я. Бурван, настаўнік Рубельскай СШ І.В. Максімовіч і інш. Яны расказалі аб працоўных поспехах сваіх калектываў, рашучасці новымі здабыткамі знаменаваць ХХVІІ з’езд КПСС, 40-годдзе Вялікай Перамогі. На сходзе цёпла сустрэты прысутнымі выступіў А.С. Зеляноўскі. Анатоль Антонавіч сустрэўся таксама з выбарцамі вёсак Струга і Асаўцы».

Паведамленне з Жыткавіцкага раёна: «У Доме культуры пасёлка Чырвонае адбылася сустрэча прадстаўнікоў саўгаса «Чырвоны Бор», калгасаў «ІІІ Інтэрнацыянал», імя Леніна, торфабрыкетнага завода «Жыткавіцкі» і БМУ-8 з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР П.М. Страхой. Сход адкрыў дырэктар торфабрыкетнага завода І.І. Заводцаў. Перад прысутнымі выступілі давераная асоба кандыдата ў дэпутаты – сакратар партарганізацыі калгаса «ІІІ Інтэрнацыянал» В.А. Каралец, начальнік планавага аддзела торфабрыкетнага завода А.М. Церабей, машыніст крана БМУ-8 І.І. Балобан, дырэктар мясцовай школы Н.Ф. Князева і іншыя. Усе яны заклікалі выбарцаў аддаць свае галасы за кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Пелагею Мікалаеўну Страха. П.М. Страха шчыра падзякавала за высокае давер’е і запэўніла, што прыкладзе ўсе сілы, каб яго апраўдаць».

Выбары ў знамянальны час – наперадзе з’езд КПСС і трохі крытыкі

Цягам некалькіх лютаўскіх нумароў газеты «Звязда на меліярацыі Палесся» друкаваўся артыкул «Улада адкрытая для ўсіх» доктара гістарычных навук Дзёмачкіна. Чакана, што гісторык пачаў з рэвалюцыйных гадоў, згадаў у якой класавай барацьбе нараджаліся першыя Саветы ды якая гэта каштоўнасць – выбары. Падзяліўся ўласнымі разважаннямі адносна выбараў, як працэс станоўча ўплывае на грамадства і г.д. Адметна тое, што напрыканцы матэрыяла знайшлося месца для маленькай, але крытыкай: «Марудна павышаецца роля Саветаў у гаспадарчым і культурным будаўніцтве… Многія міністэрствы ўсё яшчэ спрабуюць яшчэ дзейнічаць у абыход Саветаў. Самі Саветы не заўсёды праяўляюць настойлівасць у выкарыстанні сваіх правоў. У выніку часта не ўводзяцца ў тэрмін жыллё, бальніцы, дзіцячыя ўстановы».

Савецкія людзі ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень

Так заявіў 12 лютага 1985 года пад час сустрэчы з выбарцамі ў Пінску кандыдат у дэпутаты ВС БССР, другі сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Генадзь Барташэвіч. З цяперашняга погляду, канечне, з сарказмам чытаеш такія заявы, бо літаральна ўжо праз тры гады краіна Саветаў пачне спаўзанне ў прорву і неўзабаве знікне.

У нумары за 14 лютага на першай старонцы рэдакцыя паставіла артыкул «Маналітнае адзінства» пра тую самую сустрэчу таварыша Барташэвіча з пінскімі калектывамі, якія ўваходзяць у састаў Пінскай-Паўночнай выбарчай акругі. «У абстаноўцы высокай і працоўнай актыўнасці ў рэспубліцы працягваецца выбарчая кампанія. Удзельнікі сустрэч працоўных з кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, якія праходзяць, запэўніваюць, што прыкладуць усе намаганні для паспяховага завяршэння пяцігодкі, дастойнай сустрэчы ХХVІІ з’езда КПСС і 40-годдзя Вялікай Перамогі».

Здымак дня: напярэдадні выбараў працуе з вялікім натхненнем

Міхаіл Дзмітрыевіч Вакуліч у СПМК-35 трэста «Пінсксаўгасбуд» – чалавек вядомы. Тут ён працуе акумулятаршчыкам, сваю справу вельмі любіць і аддае ён усе веды, вопыт. За шчырасць, прынцыповасць паважаюць Міхаіла Дзмітрыевіча ў калектыве. Ён з’яўляецца членам прафкома СПМК, народным засядацелем народнага суда Пінскага раёна. Напярэдадні дня выбараў у Саветы М.Д. Вакуліч працуе з асаблівым стараннем.

Свята савецкай дэмакратыі здзейснілася

На кіраўскім выбарчым участку №18, што размясціўся ў памяшканні Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума імя А.Я. Кляшчова, першымі прагаласавалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны інспектар аддзела кадраў трэста «Пінсксаўгасбуд» С.А. Шурпач і пенсіянер П.Ф. Марачоў, навучэнец В.М. Клімовіч і іншыя выбарцы.

Беларускае Радыё Рацыя