Да затрыманай журналісткі tut.by Любові Каспяровіч не пускаюць адваката



Да карэспандэнта партала tut.by Любові Каспяровіч, затрыманай раніцай 14 траўня ў Менску, не пускаюць адваката, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

У той жа час у Маскоўскім РУУС сталіцы, дзе знаходзіцца Каспяровіч, для яе прынялі перадачу з гігіенічнымі сродкамі.

„Хутчэй за ўсё, журналістку павязуць на Акрэсціна. У чым яе абвінавачваюць, невядома”, — адзначылі ў БАЖ.

Каспяровіч была затрыманая каля Дома правасуддзя, дзе пачаўся працэс па „справе студэнтаў”. Як паведаміў tut.by, перад затрыманнем карэспандэнт інтэрв`юявала сяброў аднаго з абвінавачваных — выконвала свае працоўныя абавязкі, рыхтуючы рэпартаж.

Пазней тэлеграм-канал ГУУС Мінгарвыканкама паведаміў, што каля Дома правасуддзя былі затрыманыя 14 чалавек, „якія не выканалі законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі”. „Праваахоўнікі неаднаразова папярэджвалі прысутных аб незаконнасці правядзення масавых мерапрыемстваў і папрасілі разысціся. Названыя грамадзяне дастаўлены ў тэрытарыяльнае РУУС Менска для разбору”, — гаварылася ў паведамленні.

ГУУС Мінгарвыканкама папярэдзіла „аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”.

Суд Савецкага раёна Менска пад старшынствам суддзі Марыны Фёдаравай 14 траўня пачаў разгляд „справы студэнтаў”, па якой праходзяць 12 чалавек. Усе падсудныя прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 года. Выязное пасяджэнне праходзіць у будынку суда Кастрычніцкага раёна Менска і Дома правасуддзя.

Да будынка раніцай прыйшло шмат людзей. Сваякоў (па два на кожнага абвінавачванага) прапусцілі ў будынак за некалькі хвілін да пачатку працэсу. У залу ўвайшло каля 25 чалавек, яшчэ прыкладна 40 засталіся ў калідоры. Нікога з журналістаў недзяржаўных СМІ ў залу суда не прапусцілі.

На вуліцы перад будынкам засталося каля 200 чалавек. Супрацоўнік МУС у мегафон заклікаў людзей разысціся, а чалавек у цывільным ажыццяўляў відэаздымку прысутных.

belapan.by