Дабрачынны распродаж кніг і дыскаў у падтрымку Дашы Ліс



1 чэрвеня з 18:00 да 21:00 на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра (вул. Залатая Горка, 2 — 101) адбудзецца кніжны кірмашык у падтрымку Дар’і Ліс — пісьменніцы і журналісткі, аўтакрі з генетычнай хваробай СМА, якая вось ужо другі месяц збірае грошы на электравазок з вертыкалізатарам. У нас будзе кава, гарбата, пачастункі, дзіцячы куток.

На кірмашыку выступяць беларускія пісьменнікі і музыкі і абмяняюць свае кнігі і дыскі на ахвяраванні для Дашы Ліс.

У прэзентацыі возьмуць удзел: пісьменнікі Людміла Рублеўская, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, перакладчыкі Ганна Янкута, Ігар Крэбс, гурт TonqiХod (акустыка), Кася Камоцкая, Аляксей Жбанаў і іншыя (спіс будзе дапаўняцца).

Сябры-літаратары і музыкі! Вы таксама можаце далучыцца да нашага фестываліку. Гэта можна зрабіць двума спосабамі: падарыць нам свае кнігі ці дыскі або прынесці іх з сабой і выступіць з вершамі і песнямі.

Перадаць кнігі і дыскі можна Ігару Крэбсу: [email protected], +375296554368

Запісацца для выступу на фестывалі можна ў мадэратаркі вечарыны Марыі Мартысевіч: +375296404679, [email protected]

Усе ахвяраванні, атрыманыя на вечарыне, будуць далучаныя да сродкаў, якія збіраюцца праз платформу talaka.by, а таксама праз дабрачынныя рахункі.

Прачытаць пра кампанію па зборы сродкаў можна тут.