ДАІ выкарыстоўваюць як інструмент ціску на апазіцыю



Сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму Дзяржаўтаінспекцыя выпісала штраф за вандроўку 1 траўня на мітынг у Гомелі. „Склалі пратакол за тое, што нібыта рухаўся ў скрайняй левай паласе на хуткаснай трасе пры тым, што ў правай паласе нібыта не было машын. Такую падставу супрацоўнік ДАІ прыдумаў толькі пасля таго, як пад відэазапіс настойліва патрабавалі ад яго назваць прычыну  спынення”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

– Відавочна, што нас тады не хацелі пускаць у Гомель на дазволеную акцыю пратэста. Нагадаю, што маю машыну спынялі пяць разоў, і ў рэшце рэшт мне прыйшлося кінуць яе і дабірацца пешшу да месца правядзення акцыі. Пратакол быў складзены проста там. Я лічу гэта палітычна матываваным. Па сённяшніх мерках штраф невялікі – 1 базавая велічыня.

Паводле Рымашэўскага, ДАІ выкарыстоўваецца як інструмент ціску на апазіцыю. Ён нагадаў, што палітыкам не далі даехаць на акцыю пратэсту ў Берасці ў сакавіку. „Спынялі пад рознымі надуманымі падставамі: ці то машына нібыта скрадзеныя, ці то падазраемся ў махлярстве. А пасля сканчэння акцыі ў Берасці без складання пратаколу адпусцілі. І па дарозе на мітынг у Гомелі ўсё паўтарылася”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота abw.by