Дарогай пакутаў Кастуся Каліноўскага



Сябры Таварыства беларускай мовы з Баранавіч разам з сябрамі Руху салідарнасці “Разам” наведалі ў Вільні месца пахавання Кастуся Каліноўскага з паплечнікамі. Яны прайшлі дарогай пакутаў беларускіх герояў да шыбеніцы, на якую іх адправіў расейскі генерал Мураўёў-вешальнік.

Адная з удзельніц паездкі Наталля Бідэнка арганізавала ў офісе ТБМ у Русінах фотавыставу па віленскай акцыі.  Наталля падзялілася ўражаннямі ад паездкі з сябрамі таварыства, якім не давялося пабываць у Вільні:

– Ён не быў пахаваны, яго закапалі, каб пра яго ніхто не памятаў, каб ніхто не ведаў, дзе ягоная магіла.

Усе ўдзельнікі паездкі вярнуліся пад уражаннем убачанага. Хаця былі моцныя турботы і хваляванні з афармленнем візаў, кажа намеснік старшыні Таварыства Мікалай Падгайскі:

– Хваляванняў было мноства, але там мы прадэманстравалі сваю еднасць, сваю беларускасць.

Марына Жук:

– Маю такую надзею, што Кастусь Каліноўскі будзе перапахаваны з вялікім ушанаваннем.

Таццяна Кісель, старшыня ТБМ:

– Мы памятаем сваю гісторыю, мы памятаем сваіх герояў.

Удзельнікі паездкі мараць вярнуцца ў Вільню падчас урачыстага перапахавання беларускіх герояў.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя