Даследчыкі асобы Касцюшкі: Ён змагаўся за вашу і нашу свабоду



У Менску прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная славутаму дзеячу Тадэвушу Касцюшку. Сам ён называў сябе ліцвінам і па сведчаннях гісторыкаў трымаўся высокіх гуманістычных каштоўнасцяў, ідэі братэрства народаў. Нездарма асоба Касцюшкі належыць да гісторыі некалькіх краін – Польшчы, Беларусі, Літвы, ЗША, кожная з якіх называе яго нацыянальным героем. А ў Францыі ён прызнаны ганаровым грамадзянінам.

Кажа Леанід Несцярук, старшыня Берасцейскага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання ім. Тадэвуша Касцюшкі:

– Ён адчуваў сябе патрыётам той зямлі, якая нарадзіла. Перад смерцю ён рабіў захады, каб апошнія словы, звароты былі пачутыя магутнымі людзьмі свету – імператарамі, царамі. Пісаў ім: захавайце маю краіну, я вельмі турбуюся за лёс маёй любімай Літвы. Гэта штосьці значыць, праўда?! Таму не любіць гэтага чалавека немагчыма. Я люблю яго ўсім сэрцам і душою за яго апантаную дзейнасць у імя сваёй Бацькаўшчыны, сваёй Айчыны, сваёй зямліцы.

Выступаючы перад прысутнымі дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэўш Адамскі звярнуў увагу на тое, як асоба Тадэвуша Касцюшкі знітоўвае гісторыю суседніх народаў:

– Няма ў агульнай гісторыі палякаў і беларусаў іншай такой асобы, якая б у такой ступені аб’ядноўвала нашыя народы. Няма таксама і другой такой асобы, якая б у свой час так значна паўплывала на лёсы іншых краінаў і здабыла міжнародную славу. Няма і іншай постаці, якая б стала такім манументальным сімвалам любові да свабоды.

У фокусе навукоўцаў з Беларусі і Польшчы прагучалі розныя аспекты дзейнасці і жыцця славутага дзеяча: ад загадак яго біяграфіі да творчай спадчыны – музычнай і візуальнай.

Канферэнцыя прымеркаваная да ўгодкаў памяці – 200-годдзя са дня смерці Тадэвуша Касцюшкі. У часе мерапрыемства ў прысутных была ўнікальная магчымасць пачуць і музычныя творы Тадэвуша Касцюшкі ў выкананні берасцейскага ансамбля народных інструментаў „Святач”.

Падрабязней у далучаным файле:

 

 Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Фота аўтаркі