Дэкрэтны адпачынак для мужчын можа стаць абавязковым
У Беларусі будзе прапрацавана пытанне мэтазгоднасці ўвядзення абавязковага бацькаўскага адпачынку, заявіла намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.
З ейных словаў, у дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці ў 2015 годзе знаходзіліся 3097 мужчын (бацькаў і дзядуль). Усяго ж у адпачынку па доглядзе дзіцяці ўлетась было 302 360 чалавек. «Выходзіць, толькі 1% мужчын карыстаецца прадастаўленай заканадаўствам магчымасцю адпачынку па доглядзе дзіцяці, — сказала прадстаўнік Мінпрацы і сацабароны. — У грамадстве недаацэньваецца ўдзел мужчынаў у выхаванні дзяцей, недаацэньваецца і самімі мужчынамі».
Спецыяліст дадала, што ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пачалі паступаць запыты ад дэпутатаў наконт увядзення абавязковага бацькаўскага адпачынку.
