Дэлегацыя прадстаўнікоў СМІ Кітая наведвае Беларусь



Для журналістаў Кітайскай Народнай Рэспублікі з 29 красавіка па 4 траўня запланаваны прэс-тур па Беларусі. Госці з Паднябеснай — супрацоўнікі цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі: агенцтва „Сіньхуа”, выдавецтва „Жэньмінь Хуабао”, газеты „Жэньмінь жыбао”, Цэнтральнага тэлебачання Кітая і іншых. Асноўныя мэты мерапрыемства — узмацненне двухбаковых адносін, прэзентацыя беларускіх тавараў і турыстычных паслуг.

„Бягучы год аб’яўлены Годам турызму Беларусі ў Кітае, таму асноўныя чаканні заключаюцца ў тым, каб лепей пазнаёміцца з культурай і вашым турыстычным патэнцыялам. Усяго мы плануем правесці ў Беларусі 7 дзён. Спадзяёмся, што на працягу гэтага тыдня мы зможам зрабіць добрыя фота- і відэаматэрыялы і па вяртанні ў Кітай апублікаваць іх. Гэта будзе спрыяць распаўсюджванню інфармацыі аб культурным і турыстычным патэнцыяле Беларусі”, — паведаміла галоўны рэдактар Кітайскага замежнага інфармацыйнага сайту Вэй Ень.

Візіт дэлегацыі выпадае і на час адкрыцця Міжнароднай спецыялізаванай выставы „СМІ ў Беларусі”. Кітайскія журналісты возьмуць удзел у гэтым мерапрыемстве.

У праграме прэс-тура — наведванне славутасцей Беларусі: Белавежскай пушчы, Брэсцкай крэпасці, Мірскага замку. Завітаюць журналісты і на прадпрыемствы „Камунарка”, „Савушкін прадукт”. Прэзентуюць гасцям магчымасці Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння ў Салігорску. Акрамя таго, запланавана сустрэча журналістаў з Міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам і кіраўнікамі вядучых СМІ Беларусі.

zviazda.by

Фота Таццяна Малеж