Дэлегацыя Руху Салідарнасці „Разам” ушанавала памяць Ларысы Геніюш



9 жніўня 1910 года нарадзілася вялікая беларуска Ларыса Геніюш.

9 жніўня ў Зэльву разам з намеснікам старшыні партыі БНФ Ігарам Ляльковым прыехала нешматлікая дэлегацыя Руху Салідарнасці „Разам” – Вячаслаў Сіўчык, Вікенцій Кавалькоў і Міхась Васілеўскі.

Ларыса Геніюш – апостал беларускай нацыі – была шчырай хрысціянкай. Таму дэлегацыя з Менска накіравалася да праваслаўнай царквы, побач з якой знаходзіцца помнік Ларысе Антонаўне, дзе былі ўскладзены кветкі і запалены знічкі.

Пасля гэтага дэлегацыя накіравалася да месца апошняга спачыну Ларысы і Івана Геніюш, дзе хвілінай маўчання ўшанавала памяць вялікай беларускай паэткі. Адбылася кароткая памінальная служба.

[Not a valid template]

Стваральнік Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык даў сціслы каментар: „Я вельмі ўсцешаны, што гэтая паездка адбылася. Для мяне Ларыса Геніюш – беларуская святая.

Беларуска, якая прадэманстравала неверагодную мужнасць, бо пранесла ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі праз усё сваё жыццё і прынцыпова адмовілася ад савецкага грамадзянства. Такую мужнасць, якой не хапала беларускім мужчынам. Мужнасць быць грамадзянкай БНР.

Ларыса Геніюш – асоба, якую не зламалі лагеры ГУЛАГа, якую паважаюць прадстаўнікі ўсіх народаў, што зведалі камуністычныя рэпрэсіі. Вялікая беларуская паэтка, знакамітыя радкі якой „Як жыць, дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць!” мусяць дапамагчы выжыць нашай краіне і нашай нацыі.”

„Для нас вельмі важна было, каб над магілай вялікай беларускі сёння прагучала нашае спрадвечнае: „Жыве Беларусь!”, кажа Вячаслаў Сіўчык.

Паводле прэсавай службы Руху Салідарнасці „Разам”