Дэпутат адказаў, што незалежнасць і мова – гэта розныя рэчы



Баранавіцкія актывісты Мікалай Падгайскі, Тамара Зверава і Сяргей Гоўша змагаюцца за захаванне беларускіх школаў, наданне рэальнай роўнасці беларускай мовы з рускай і перавод асветніцкага кодэкса на беларускую мову.

Яны звярнуліся ў Канстытуцыйны суд, да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Леаніда Цупрыка, у Міністэрства адукацыі. Актывісты лічаць, што заняпад роднай мовы этнічнай нацыі пагражае суверэнітэту дзяржавы. Канстытуцыйны суд не бачыць няроўнасці моў і параіў звярнуцца да дэпутатаў. Дэпутат Цупрык таксама трагедыі ў гэтым не бачыць.

Мікалай Падгайскі

Паводле дэпутата, незалежнасць і мова – гэта розныя рэчы, кажа старшыня Баранавіцкага таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:

– Я б сказаў, што нічога іншага мы і не чакалі. Самае галоўнае, што Цупрык нам дапамог у вырашэнні пытання па Жамчужніцкай школе. А так я бачу Цупрыка як функцыянера, як складовую частку гэтай улады. Ён па-іншаму і адказаць не мог. Усё чынавенства працуе на расейскай мове. Таму беларусы на тэрыторыі сваёй краіны вымушаны працаваць на расейскай мове. Вось гэта ёсць этнацыд.

Паводле Мікалая Падгайскага, яны будуць і далей змагацца за выратаванне роднай мовы. Толькі з цяперашняй уладай гэта рабіць вельмі цяжка.

Тамара Зверава

Сяргей  Гоўша

Беларускае Радыё Рацыя