Дэпутаты прапануюць увесці «пасведчанне суайчынніка» для беларусаў замежжа



Дэпутаты прапанавалі ўвесці «пасведчанне суайчынніка» для выхадцаў з Беларусі, якія жывуць за мяжой і іх нашчадкаў. Пра гэта паведаміў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі.

Ён патлумачыў, што «пасведчанне суайчынніка» не варта параўноўваць з картай паляка і іншымі падобнымі дакументамі.

«Ідэя закладзена іншая. Яна ў тым, каб умацаваць духоўную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай».

Размова ідзе не толькі пра дыяспару, але і пра тых, чые далёкія продкі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, хто мае беларускія карані.

Чакаецца, што ва ўладальніка «пасведчання суайчынніка» будуць пэўныя прэферэнцыі, напрыклад, магчымасць уехаць у Беларусь без візы.

Дэпутаты ўжо накіравалі свае прапановы ва ўрад, МЗС, Мінспорту, Мінкульт, Мінінфарм і іншым ведамствам.

БелТА