Дэпутаты прынялі законапраект аб альтэрнатыўнай службе



Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект аб альтэрнатыўнай службе, а таксама адпаведныя папраўкі ў некаторыя законы.

Першапачаткова прапаноўвалася, што грамадзяне без вышэйшай адукацыі павінны будуць праходзіць альтэрнатыўную службу на працягу 30 месяцаў, а выпускнікі ВНУ – 20 месяцаў. Зараз тэрміны вырашана павялічыць да 36 і 24 адпаведна.

Як адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, законапраект прымаецца для таго, каб забяспечыць права, закладзенае ў артыкуле 57 Канстытуцыі. „Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна краіны. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам”, – сказала яна.

Магчымасць пайсці на альтэрнатыўную службу прапануецца прадаставіць грамадзянам мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, годныя па стане здароўя і фізічнага развіцця да праходжання вайсковай службы. Для праходжання „альтэрнатыўкі” ім трэба будзе асабіста заявіць прызыўной камісіі, што „прыняццё ваеннай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням у той меры, у якой становіцца немагчымым праходжанне воінскай службы”.

Зрабіць гэта трэба не пазней за 10 каляндарных дзён да заканчэння прызыву. Да заявы прыкладаецца аўтабіяграфія. Пры гэтым тыя, у каго ёсць адтэрміноўкі, на альтэрнатыўную службу пайсці не змогуць.