Дэсант БХД у Глыбокім



Другая прэзентацыя кнігі “Беларусалім” Паўла Севярынца адбылася ў Глыбокім, што на Віцебшчыне. Разам з ім у горад завіталі і сустаршыня па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі ды актывістка Вольга Кавалькова. Сустрэча была прымеркаваная да 100-годдзя БХД.  Таму беларускія хрысціянскія дэмакраты не толькі прэзентавалі кнігі, але і ўзгадалі гісторыю партыі БХД, асноўных дзеячаў за час яе існавання і распавялі пра сацыяльныя  ініцыятывы. А таксама адзначылі свой уплыў на змену некаторых законаў у Беларусі і абмеркавалі з прысутнымі цяперашняе становішча ў краіне.

Паводле Паўла Севярынца, у Глыбокае ён заўжды прыязджае з задавальненнем, таму нездарма менавіта другая прэзентацыя яго рамана адбылася ў гэтым невялікім райцэнтры:

– У нас у Глыбокім была сустрэча і прэзентацыя кніг: “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 1917-2017”, “100 асобаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, факсімільнае выданне газеты “Крыніца” і таксама раман “Беларусалім”. Заўсёды ад глыбачанаў вельмі цёплыя і прыемныя ўражанні, вельмі прыемныя ўражанні ад глыбоцкай прэсы, бо тут моцная мясцовая прэса, не ў любым райцэнтры ўбачыш такую цікавасць і столькі журналістаў. Трэба сказаць, што Глыбокае – гэта сапраўдны цэнтр павета, і паводле праграмы хрысціянскіх дэмакратаў – гэта будзе цэнтр павета. Уся заходняя частка Віцебшчыны будзе належыць да Глыбоцкага павета, тут трэба сказаць, што мы ўжо вызначыліся з гэтым пытаннем.

Падобныя сутрэчы з грамадскімі актывістамі ў гэты дзень адбыліся яшчэ ў Шаркоўшчыне і Мёрах. Падчас сустрэчаў можна было набыць прадукцыю з беларускай сімволікай ад інтэрнэт-крамы imbryk.by, якую прэзентаваў Аляксандр Мазанік. А таксама скласці ахвяраванні на крыжы ў Курапатах.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя