ДФР спрабуе даказаць, што Вераніка Іванова не сплачвала падаткі



У Пінску Дэпартамент фінансавых расследаванняў працягвае разбіральніцтва па справе ў адносінах да актывісткі, праваабаронцы Веранікі Івановай. Напачатку верасня ў ДФР прыйшоў ананімны ліст, што нібы Іванова, калі афіцыйна спыніла індывідуальнае прадпрымальніцтва, працягнула займацца гаспадарчай дзейнасцю.

На сённяшні дзень ад праваабаронцы патрабуюць прадставіць паролі да носьбітаў інфармацыі, якія фігуруюць у межах справы:

– Я пагадзілася толькі на такі фармат, што ў іх прысутнасці здымаю блок, а яны аглядаюць і я зноў блакую. Альбо няхай тэхнічнымі сродкамі ўскрываюць. Прадстаўляць ім ключы ад гэтага і пакідаць у распараджэнне тэхніку не збіраюся. Пакуль на гэтым усё.  Хочуць даказаць, што пасля прыпынення дзейнасці нібы яе працягвала, але гэта не так. 

Суразмоўца дадае, што справа супраць яе – гэта пераслед за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Дэпартамент фінансавых расследаванняў спрабуе даказаць, што Вераніка Іванова не сплачвала падаткі на працягу трох гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя