ДФР спыніў праверку прадпрымальніцкай дзейнасці Веранікі Івановай



Дэпартамент фінансавых расследаванняў спыніў праверку ў дачыненні да праваабаронцы з Пінску Веранікі Івановай. Напачатку верасня ДФР атрымаў ананімнае паведамленне, што нібы Іванова ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць і не сплочвае падаткі. У рэальнасці актывістка спыніла індывідуальную справу яшчэ тры гады таму.

Тым не менш праваабаронцу аштрафавалі на 2 тысячы 160 рублёў за тое, што яна пасля ліквідацыі не захавала ўсе дакументы:

– Крымінальнага складу не знайшлі. Праверку спынілі з-за адсутнасці складу злачынства. Знайшлі ў мяне страту бланкаў, страту дакументаў. І за страту дакументаў мяне пакаралі штрафам у памеры 80 базавых велічыняў. Буду абскарджваць. Хаця б у справе памяншэння.

Вераніка Іванова адзначае, што гэта ціск за яе грамадскую пазіцыю. Акрамя штрафу ад Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, праваабаронцу чатыры разы каралі штрафам за ўдзел у акцыях пратэсту. Агульная сума штрафаў складае 5 тысяч 400 рублёў.

Беларуская Радыё Рацыя