Для Івана Шэгі вуліцы ў Слоніме пакуль няма



Адзін з сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Павел Севасцьян атрымаў адказ са Слонімскага раённага Савета дэпутатаў на запыт слонімцаў надаць адной з новых вуліц Слоніма імя грамадскага актывіста, вядомага доктара Івана Шэгі, якога летась не стала ва ўзросце 63 гадоў.

Адказ даслаў старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Рагозік. Спадар Рагозік, у прыватнасці, паведаміў: “Слонімскі раённы Савет дэпутатаў на калектыўны зварот наконт надання аднаму з элементаў вулічна-дарожнай сеткі горада Слоніма імя Івана Шэгі паведамляе, што зварот разгледжаны тапанімічнай камісіяй Слонімскага раённага выканаўчага камітэта. У цяперашні час на тэрыторыі горада Слоніма не маецца новых элементаў вулічна-дарожнай сеткі для надання ім найменняў. Пры з’яўленні дадзеных элементаў пытанне па наданню аднаму з іх імя Івана Шэгі будзе разгледжана разам з іншымі прапановамі грамадзян, надышоўшымі ў тапанімічную камісію, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь…”.

Нагадаем, што ў канцы сакавіка бягучага года ў Слонімскі райвыканкам грамадскія актывісты перадалі каля 400 подпісаў жыхароў Слоніма і Дзятлава, а таксама вядомых беларускіх палітыкаў, каб адну з новых вуліц назваць назваць імем Івана Шэгі.

Беларускае Радыё Рацыя