Для пакарання доказы не патрэбны



Для пакарання прадаўца-касіра крамы “Санта” у Бярозе Аляксандры Іваніцкай шмат доказаў не спатрэбілася. Адміністрацыйная камісія пры Бярозаўскім райвыканкаме пакарала Іваніцкую штрафам амаль у 500 рублёў за продаж піва падлетку- правапарушальніку. Доказам стаў успамін падлетка пад час размовы з начальнікам аддзела па справах непаўналетніх Бярозаўскага РАУС Дзмітрыем Лешко. У межах акцыі “Клопат” Лешко выклікаў непаўнагадовага стралка петардамі для прафілактычнай размовы і той нібыта прызнаўся, што 2 тыдні таму Іваніцкая прадала яму піва. І гэта было ўжо другая спроба ў межах месяца пакараць Іваніцкую, якая знаходзілася раней у канфлікце з Лешко. Першая спроба была няўдачнай, кажа Аляксандра Іваніцкая:

Не было ніякіх доказаў. Яны проста пачалі падымаць касавыя ленты з маёй касы і шукалі там. Па першай справе ўсё закрылі, бо няма доказаў. Праз амаль паўтара месяцы мяне выклікалі на камісію і завялі яшчэ адзін пратакол, што нібыта я зноў прадала непаўналетняму алкаголь. Доказаў ніякіх, проста пустыя словы непаўналетняга.

Аляксандра Іваніцкая працуе ў “Санце” з адкрыцця крамы. Нараканняў да гэтага не было. Працай сваёй даражыць. Таму звярнулася ў пракуратуру Бярозаўскага раёна з просьбай апратэставаць рашэнне камісіі. Але пракуратура палічыла пакаранне законным. Іваніцкая будзе звяртацца ў вышэйстаячыя прававыя органы.

Беларускае Радыё Рацыя