Для паляпшэння жыцця людзей патрэбен дыялог



Жыхар Слоніма Павел Севасцьян адправіў ліст старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзю Хомічу. У пісьме слонімец звярнуўся да чыноўніка з наступнай прапановай:

20 студзеня 1531 года гораду Слоніму было нададзена Магдэбургскае права, якое давала гораду права на мясцовае самакіраванне, што дало штуршок для развіцця горада. Значыць, у гэтым годзе споўнілася 490 год са дня ўручэння Слоніму Магдэбурскага права.

На жаль, мясцовае самакіраванне, якое было якраз сутнасцю Магдэбургскае права, у нашай краіне  пасля вяртання незалежнасці, не атрымала патрэбнага развіцця. Гэта прывяло да таго, што адносіны грамадзян і мясцовай улады зведзены да падачы прашэнняў з аднаго боку, і голага адміністравання з другога, бо няма дыялогу і належнага ўдзелу абаіх бакоў у працэсе паляпшэння жыцця жыхароў горада і раёна. Зыходзячы з гэтага, прапаную штогод праводзіць святкаванне атрымання Слонімам Магдэбурскага права.

Лічу таксама, што ў Слоніме неабходна пераходзіць да дыялогу паміж мясцовымі ўладамі і прадстаўнікамі грамадства, праз стварэнне інфармацыйнай пляцоўкі, якой можа стаць Грамадскі Савет пры Слонімскім райвыканкаме, у межах якога можа быць абмеркавана любое пытанне, якое тычыцца ўсяго нашага грамадства.

Цяпер Павел Севасцьян чакае адказу на свае прапановы.

Беларускае Радыё Рацыя