Для расследавання прычын НЗ на „Беларуськаліі” створаная камісія



Для расследавання прычын НЗ на „Беларуськаліі” створаная камісія. Двое рабочых, якія апынуліся пад заваламі ў шахце, да гэтага часу не знойдзеныя.

Як паведамляе сайт ААТ „Беларуськалій”, пад завал патрапілі машыніст горных выемачных машын Максім Іваноў 1973 года нараджэння і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валькоў 1985 года нараджэння.

Паведамляецца таксама, што раптоўны выкід солі і газу адбыўся 9 сакавіка „на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўлення у змену з 11.50 да 18.50, пры выкананні комплексам ПКС-8 № 4 засечкі на тэхналагічную збойку 22-б заходняга слупа гарызонту -620м. Інтэнсіўнасць выкіду склала каля 600 м3 горнай масы”. Праходчы камбайн і самаходны вагон, у якім знаходзіліся двое рабочых, былі цалкам засыпаны выкінутай пародай.

„Горнавыратавальнікі і службы рудніка вядуць работы па расчыстцы завалу. На гэты час рабочыя не знойдзеныя. Створаная камісія для расследавання прычын і акалічнасцяў раптоўнага выкіду”, — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, інфармацыя аб НЗ на „Беларуськаліі” паступіла ў МНС 9 сакавіка ў 18.30. Перад тым як пачаць работы па разборцы завалаў, работнікі ваенізаванай горнавыратавальнай часці прадпрыемства правялі разгазаванне гэтага ўчастка для зніжэння канцэнтрацыі пароў метану ў паветры.

belapan.com