Дні памяці Менскага гета пройдуць з 15 па 23 кастрычніка



Дні памяці, прымеркаваныя да 75-й гадавіны знішчэння Менскага гета, пройдуць з 15 па 23 кастрычніка, паведамілі ў Саюзе беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.

– Апошнім днём існавання Менскага гета лічыцца 21 кастрычніка 1943 – дзень пачатку апошняга пагрому, пасля чаго засталася толькі жменька вязняў, цудам не знойдзеных нацыстамі, – распавядае Барыс Герстэн, намеснік старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. – Чорная дата будзе адзначана ў Менску жалобнымі мерапрыемствамі. Так, 22 кастрычніка ў мемарыяльным комплексе „Яма” на вуліцы Мельнікайтэ пройдзе мітынг, у якім прымуць удзел прадстаўнікі габрэйскіх міжнародных арганізацыяй і замежных яўрэйскіх абшчын, дзяржаўных структур Беларусі, дыпламатычнага корпуса. У гэты ж дзень у МЗС адбудзецца круглы стол «Трагедыя Менскага гета», а ў галоўным зале філармоніі – Вечар памяці і прыём у гонар былых вязняў гета і Праведнікаў народаў свету.

У сталічным кінатэатры „Цэнтральны” сфарміравана праграма з 10 дакументальных стужак, адсылаюць да падзей ваенных гадоў.

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 23 пройдзе выстава работ вядомага мастака Меера Аксельрода (1902-1970), аўтара унікальнага цыкла «Нямецкая акупацыя», зробленага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

minsknews.by