Упарадкаванне малога канала Агінскага



Дзякуючы грамадскаму аб’яднанню “СлонімКаналАгінскага” ў Слоніме пачалося ўпарадкаванне малога канала Агінскага.

Малы канал Агінскага з’явіўся ў Слоніме тады, калі слонімскім старастам быў Міхал Казімір Агінскі (1728-1800).

Па ініцыятыве гетмана і пры яго непасрэдным удзеле ў Слоніме і быў пракапаны малы канал. Ён асушыў багністы поплаў Шчары і выкарыстоўваўся як рачная прыстань і тэатр пад адкрытым небам. Само будаўніцтва малога канала пачалося ў 1765 годзе на сродкі Міхала Казіміра Агінскага. Ён выдзеліў са сваёй казны 12 мільёнаў злотых. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў праз балтыйскія парты, таму яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім сеймам Рэчы Паспалітай.

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя па малым канале Агінскага хадзілі баржы. Але ў апошнія дзесяцігоддзі малы канал стаў даволі плыткім і пачаў зарастаць травой і хмызнякамі. Каб выратаваць гістарычны малы канал Агінскага ў Слоніме і было створана два гады таму ГА “СлонімКаналАгінскага”. Сябры грамадскага аб’яднання сабралі 32 тысячы беларускіх рублёў (збор сродкаў працягваецца) і за гэтыя грошы пачалося добраўпарадкаванне малога канала. Плануецца ачысціць яго берагі на адлегласці 250 метраў, зрабіць цвёрдае пакрыццё, вызначыць веладарожкі, дарожкі для катання на роліках і г.д.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім