Дом друку ў Менску прадалі прыватнай кампаніі



26 лютага на аўкцыёне за 6,22 млн руб прадалі будынак Дома друку каля метро „Акадэмія Навук” на праспекце Незалежнасці. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на „Мінскгармаёмасць” і іншыя крыніцы. Пераможцам таргоў стала кампанія „ПрыватКапітал”.

Будынак Дома друку на праспекце Незалежнасці, 79, які з’яўляецца помнікам архітэктуры, выстаўляўся на таргі ў трэці раз з паніжаным на 50% коштам. З улікам гэтага пачатковая цана на сённяшніх таргах была 3.527.000 964 рубля 16 капеек. Падчас аўкцыёну ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці яна вырасла да фінальных 6,22 млн рублёў, што эквівалентна амаль 2,8 млн долараў па актуальнаму курсе.

Функцыянальнае прызначэнне будынка вызначана як адміністрацыйна-дзелавое. Гэта значыць пакупнік – кампанія „ПрыватКапітал” – павінна зрабіць на гэтым месцы бізнес-цэнтр.

Кампанія „ПрыватКапітал” існуе з 2015 года. Яна спецыялізуецца на здачы ў наём уласнай і арандаванай маёмасці.

Будынак Дома друку пабудаваны ў 1930-1935 гадах у стылі канструктывізму. Збудаванне перажыло вайну, а ў 1963-1978 гадах яго рэканструявалі — надбудавалі чацвёрты паверх.

zviazda.by