Другі дзень карнага працэсу па справе групы Мікалая Аўтуховіча (абнаўляецца)



У судзе ад раніцы зачытваюць абвінавачванне Аўтуховіча. Дзяржаўная прапагандыстка Людміла Гладкая публікуе некаторыя вытрымкі:

«Групоўка Аўтуховіча па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Для катаванняў, перадачы атрыманых у іх звестак».

Нагадаем, падзеі, у якіх вінавацяць фігурантаў, адбыліся ў кастрычніку 2020 года. 

Таксама на судзе гучыць інфармацыя, што Гундар разам з Аўтуховічам дапамагаў у аб’яднанні іх групоўкі з міжнароднай злачыннай арганізацыяй. Нібыта абвінавачаныя па нелегальным калідоры ездзілі ва Украіну, дзе мясцовыя спецслужбы прызначылі Аўтуховіча «кіраўніком іх ячэйкі на тэрыторыі Беларусі». Усё гэта, як перадае Гладкая, «стваралася менавіта для тэрактаў і захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Як піша прапагандыстка, ва Украіне восенню 2020 года па ініцыятыве і судзеянню Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны была створана ўзброеная група. Яна павінна была дапамагчы групе Аўтуховіча ў гвалтоўным захопе ўлады. Пры гэтым адзначаецца, што не выключалася фізічнае знішчэнне Лукашэнкі. А па ўказанні спецслужбаў група Аўтуховіча стала «беларускай» ячэйкай міжнароднай злачыннай арганізацыі, якой кіраваў Аўтуховіч.

Сцвярджаецца, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, група нібыта планавала збор дадзеных аб расійскіх вайскоўцах, каб іх выкрасці і атрымаць ад іх інфармацыю аб задачах, планах і размяшчэнні расійскіх войскаў у Беларусі. Гэтыя дадзеныя, па версіі следства, Аўтуховіч перадаваў прадстаўнікам украінскіх спецслужбаў.

Вядома, што Аўтуховіча і Маёраву абвінавачваюць у стварэнні і адміністраванні тэлеграм-канала «ДаВолі!», дзе, паводле следства, публікавалася «экстрэмісцкая» інфармацыя, заклікі да пратэстаў і да гвалтоўнага захопу ўлады.

***

У гарадзенскай турме 19 траўня працягваецца суд над дванаццаццю фігурантамі «справы Аўтуховіча», восем з іх праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнямі. Па хадайніцтве дзяржабвінавачвання Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Гундара, якіх учора выдалілі з залы суда за «парушэнне парадку», сёння вярнулі на судовы працэс. У судзе пачалі зачытваць абвінавачванне. Агулам усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, вінавацяць па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Супрацоўніца дзяржаўнага выдання «СБ. Беларусь сегодня», якая прысутнічае на судзе, піша ў сваім тэлеграм-канале, што намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка хадайнічала пра тое, каб вярнуць Аўтуховіча і Гундара на судовы працэс. Філатаў задаволіў хадайніцтва.

Вядома, што суддзя пачаў зачытваць абвінавачванне Мікалаю Аўтуховічу.

Мікалай Аўтуховіч

Справу разглядае суддзя Гарадзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Суд адкрыты, але сваякоў на працэс не пускаюць. На першае пасяджэнне трапілі блізкія толькі двух абвінавачаных. Пры гэтым на судзе прысутнічаюць прадстаўнікі дзяржаўных СМІ.

Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы складаюць больш за 65 тамоў. На лаве падсудных знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч, праваслаўны святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка і грамадская актывістка з Абухава Галіна Дзербыш, баранавіцкі грамадскі актывіст Уладзімір Гундар, грамадска-палітычная актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава. Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў — Артур Папок – цяпер знаходзіцца ў вышуку.

Уладзімір Гундар

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя сябры злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.

Галоўны фігурант крымінальнай справы — Аўтуховіч. Яго абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, шэсць з іх — за асабліва цяжкія злачынствы. Але, па словах юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі, смяротнае пакаранне Мікалаю прысудзіць не могуць, бо ад яго дзеянняў ніхто не загінуў.

Мікалая Аўтуховіча і Любоў Рэзановіч падчас суда ўтрымліваюць як«асабліва небяспечных» у асобных клетках — «стаканах». На першым пасяджэнні з залы суда за «парушэнне парадку» выдалілі Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Гундара. Перад гэтым яны паспелі заявіць адвод Філатаву, але ён адмовіў у адводзе, бо для гэтага «няма падстаў». 18 траўня падчас судовага працэса суд паспеў толькі высвятліць асобы абвінавачаных і разгледзець хадайніцтвы.

Палітзняволены Антон Мельхер на судзе адмовіўся ад адваката і заявіў, што будзе абараняць сябе сам. Таксама паведамляецца, што яго абвінавачваюць толькі па адным артыкуле — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх). Але пачаткова яго затрымлівалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (Акт тэрарызму).

паводле https://spring96.org/

[manual_related_posts]