Духоўныя разважанні і малітвы для падлеткаў у Будславе



Заўтра а 9 гадзіне ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пачнецца 4-дзённая рэкалекцыйна-асветніцкая сустрэча для дзяўчат-падлеткаў на тэму: “Жанчыны ў Бібліі – прыклад для сучасных дзяўчын”.

Пра гэта паведаміла сястра Клара, адна з сёстраў Ордэна Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту званага “назарэтанкамі”, якія арганізавалі і правядуць сустрэчу:

– У гэты раз у Будславе такая сустрэча будзе, звычайна ў Наваградку ці ў Гародні. Тэмай будуць біблейскія жанчыны: Эсфір, Руф, Марыя і Марфа, Маці Божая. Ксёндз пастараецца прадставіць гэтых біблейскіх гераінь, іх якасці, каб дзяўчынкі маглі ўзяць для сябе, напоўніцца гэтымі якасцямі і ўвасобіць у сваё жыццё, каб быць падобнымі да гэтых біблейскіх жанчын.

Духоўныя разважанні і малітвы будзе праводзіць ксёндз Дзімітрый Дубовік, а таксама сёстры-назарэтанкі Агнэс і Клара. Падобныя сустрэчы праводзяцца з канца 90-х гадоў, найчасцей падчас летніх вакацый.

Па словах сястры Клары, у іх удзельнічаюць некалькі дзясяткаў дзяўчат пачынаючы з 15-гадовага ўзросту.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя