Два дні весяліцца Зэльва



У першы дзень, 24 жніўня, Зэльве адзначала сваё 760-годдзе. Павіншаваць зэльвенцаў прыехалі кіраўнікі суседніх раёнаў, а таксама з  латвійскага горада Яўнелгавы, польскіх гарадоў Кнышын і Крамск.

У гэты дзень ганаровым грамадзянінам Зэльвеншчыны стаў кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Верас”, першы ў Беларусі ўладальнік прыватнай аграсядзібы Міхаіл Макей. У кнігу славы Зэльвенскага раёна занесены імёны заслужанага трэнера Беларусі Леаніда Гана (гандбол), настаяцела Сынковіцкай царквы Арсенія Ананка, ксяндза Маркеля Яцэка і ветэрана працы Міхаіла Кісяля (пасмяротна).

Усе ўрачыстасці з нагоды юбілею Зэльвы праходзілі ў цэнтры пасёлка, дзе дзеля гэтага былі наладжаны розныя канцэртныя праграмы, гандаль і конкурсы.

У другі дзень у суботу, 25 жніўня, свята ў Зэльве атрымала працяг. Тут пачаўся Ганненскі кірмаш. Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы кірмашу, Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.

 З 2001 года Ганненскі кірмаш у Зэльве атрымаў новае дыханне. Раённае свята стала адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны. І сёлета свята распачалося ў цэнтры Зэльвы. Пасля ўрачыстага адкрыцця, яно праходзіла на цэнтральнай плошчы пасёлка. Зэльвенцаў і гасцей раёна віталі розныя калектывы мастацкай самадзейнасці, спявак Аляксандр Нема, выставы і гульні, смачныя ласункі і атракцыёны.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара