Два гады калоніі за дакрананне да машыны ДАІ



На два гады калоніі пакаралі менчука Вадзіма Луковіча. Яго прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: за пашкоджанне аўтамабіля ДАІ; за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да дзвюх даішнікаў, якія былі за рулём; а таксама за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

9 жніўня Луковіч вяртаўся дадому і трапіў у натоўп людзей. Міма праязджала машына ДАІ – і людзі пачалі грукаць па ёй. На судзе Луковіч казаў, што не прымаў у гэтым удзел. Яго ненаўмысна штурхнулі ззаду  — і ён абапёрся на машыну ДАІ, пакінуўшы там адбіткі сваёй далоні.

Сваякі Вадзіма шакаваныя такім прысудам:

– Па доказах бачна, што правасуддзя там нуль. Працуе проста сістэма. Канешне, мы абураныя тым, што адбываецца. Можна сказаць, што калоціць ад усяго гэтага, таму што гэта ўсё не правільна. Хацелася, канешне, каб другі суд адбыўся, які быў бы правільны, справядлівы, над усімі людзьмі, якія трапілі ў гэтую сістэму. Каб хутчэй яна апынуліся на волі.

Вадзіма Луковіча таксама абавязалі сплаціць кампенсацыю маральных пакут пацярпелым даішнікам Аляксею Раманоўскаму і Алегу Радкевічам – агульным памерам у 900 беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя