Два лесанасенныя комплексы плануецца ўвесці ў Беларусі ў 2019 годзе



Два лесанасенныя комплексы па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, якія будуюцца па праекце „Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь” за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, паведаміў начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Мікалай Юрэвіч.

„Па праекце на сродкі пазыкі Сусветнага банка ўжо адкрыліся два лесанасенныя комплексы – у Берасцейскай і Віцебскай абласцях. У бягучым годзе плануем увесці яшчэ два: вясной – пры Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры ў Менскай вобласці, да канца года – у Магілёўскай вобласці”, – сказаў Мікалай Юрэвіч.

Паміж урадам Беларусі ў асобе Міністэрства лясной гаспадаркі і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця ў красавіку 2015 года было падпісана пагадненне аб пазыцы па праекце „Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь”. МБРР прадаставіў пазыку на суму $40,714 млн. Гэтыя сродкі былі ўкладзены ў будаўніцтва сучасных лесанасенных цэнтраў па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, закупку неабходнай тэхнікі і абсталявання. Вясной 2018 года Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка, вывучыўшы ход рэалізацыі праекта, прыняў рашэнне аб выдзяленні дадатковай пазыкі ў памеры 12 млн еўра.

У рэалізацыі праекта „Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь” удзельнічаюць больш за 90 лесагаспадарчых устаноў краіны. Першы лесанасенны комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай быў адкрыты ў красавіку 2018 года на базе Івацэвіцкага лясгаса Брэсцкай вобласці, другі – у канцы кастрычніка 2018 года ў Глыбоцкім доследным лясгасе Віцебскай вобласці.

belta.by