Дваровыя формы пратэсту будуць развівацца
У зімовы час будуць больш развівацца дваровыя формы пратэсту. Гэта дэцэнтралізацыя акцый на лакальным узроўні, таму ў параўнанні з восеньскім перыядам яны не стануць такімі масавымі, — перакананы берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі.
Ён адзначыў, што колькасць людзей на вуліцах значна зменшылася, але гэта яшчэ ні пра што не сведчыць:
– Гэтыя дваровыя формы яшчэ больш згуртуюць тых актывістаў, якія, можа быць, будуць далучаць сваіх знаёмых людзей. Паглядзім, час пакажа. Зараз, канешне, пачынаецца больш халодны перыяд года. З аднаго боку, гэта і людзям цяжэй, але, калі пераследуюць пратэстоўцаў, гэта будзе цяжэй і тым амапаўцам у сваіх скафандрах.
Берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі перакананы, што ў хуткім часе ў рэгіёне пратэсты знойдуць для сябе новую форму. І халады не стануць для таго перашкодай.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
