Двое магіляўчан абвінавачаныя ў забойстве прадпрымальніка



Следчыя органы завяршылі расследаванне справы пра забойства магілёўскага прадпрымальніка, труп якога быў знойдзены ў забетаніраванай гаражнай яме.

міліцыя

Нагадаем, у ноч на 3 чэрвеня ў забетаніраванай яме гаража быў знойдзены труп 36-гадовага магіляўчаніна. Да таго пра знікненне мужчыны ў ноч з 20 на 21 мая праваахоўным органам паведаміла яго жонка. Па падазрэнні ў забойстве былі затрыманыя два жыхары Магілёва 40 і 48 гадоў.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, ужо на першапачатковым этапе расследавання было ўстаноўлена, што абвінавачаныя, прыехаўшы дадому да пацярпелага, забілі яго і завалодалі маёмасцю — залатымі ўпрыгажэннямі і мабільным тэлефонам Apple iPhone 6 — на агульную суму 2.665 рублёў 80 капеек.

„Далей, каб схаваць сляды злачынства, адзін з абвінавачаных перавёз цела ў гараж, дзе закапаў і зацэментаваў у агляднай яме, а прыладу злачынства выкінуў па дарозе з месца здарэння”, — распавяла прадстаўнік следства.

Яна зазначыла, што падчас расследавання асаблівая ўвага надавалася матывам учынення асабліва цяжкага злачынства. „Устаноўлена, што злачынства было ўчыненае з-за канфлікту, які ўзнік паміж адным з абвінавачаных і пацярпелым на глебе падзелу сумесна набытай нерухомасці”, — паведаміла Салянюк.

Следства кваліфікавала дзеянні абвінавачаных па частцы 3 артыкула 207 (разбой, учынены з пранікненнем у жыллё, групай асобаў, з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання) і частцы 2 артыкула 139 (забойства, спалучанае з разбоем, учыненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

belapan.by