Двух баранавіцкіх актывістаў выклікаюць у міліцыю (абноўлена)



У Баранавічах двух актывістаў, экс-кандыдатаў у дэпутаты парламента Мікалая Чарнавуса-бацьку і Мікалая Чарнавуса-сына, выклікалі сёння, 12 верасня, ў міліцыю.

Як паведаміў Чарнавус-малодшы, раніцай супрацоўнік міліцыі прынёс яму дадому позву, паводле якой трэба з’явіцца ў 15.30 у Баранавіцкі гарадскі аддзел унутраных спраў у якасці сведкі. Суразмоўца агенцтва лічыць, што выклік невыпадковы. Яны з бацькам сёння збіраліся ехаць у Менск на акцыю супраць несумленных выбараў.

Кажа Мікола Чарнавус (малодшы):

— У павестцы напісана толькі, што ў якасці сведкі. Чаго яны выклікаюць я нават не ведаю, яны ж не кажуць. Я ўпэўнены, што выклікаюць яны з-за таго, што мы разам хацелі паехаць разам з бацькам у Менск, пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў.

 

«Міліцыянт сказаў, што такая ж позва і майму бацьку, якога не было дома», — адзначыў Чарнавус-малодшы.

Мікалай Чарнавус-старэйшы балатаваўся па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5, яго сын — па Баранавіцкай-Усходняй акрузе № 6.

Паводле афіцыйных дадзеных, абодва яны ў парламент не былі абраныя.

Таксама стала вядома, што выклікі ў міліцыю атрымалі на сёння і іншыя актывісты ў рэгіёнах. У прыватнасці Алесь Мех і Рыгор Грык з Кобрына.

Беларускае Радыё Рацыя