Двух жыхароў Віцебску будуць судзіць за паклёп на гарадскога пракурора



Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда вінавацяць у паклёпе на пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага (ч.2 арт. 188 КК РБ). Судовае разбіральніцтва прызначана на 22 красавіка, судзіць дваіх віцяблян будзе старшыня Бешанковіцкага раённага суду Наталля Рошчына. Яна вырашыла праводзіць суд у закрытым рэжыме, бо ў справе ёсць матэрыялы, якія зневажаюць гонар і дзелавую рэпутацыю пракурора.

Крымінальную справу супраць Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда ў жніўні 2018 году распачаў Віцебскі абласны следчы камітэт. У межах справы прызначаліся псіхіятрычныя экспертызы падазраваных, абодва адмовіліся праходзіць іх добраахвотна, таму ў Рэспубліканскі цэнтр псіхіятрыі ў Навінкі Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда даставілі прымусова. Але галоўны ўрач РЦП адмовіўся праводзіць экспертызу дастаўленых пад прымусам грамадзян.

У лістападзе 2018 году ў кватэры доктара Пастнова праводзіўся ператрус. Тады ён паведаміў у сацыяльных сетках, што супрацоўнікі міліцыі забралі ў яго стары тэлевізар, “каб прадаць яго і пералічыць грошы за маральную шкоду Раманоўскаму”.

Ігара Пастнова ў Віцебску называюць “лекарам-праўдарубам”: ен працуе ў віцебскім псіхіятрычным дыспансеры і вядомы сваімі эмацыйнымі выступамі супраць кіраўніцтва галіны аховы здароўя ў Віцебску, супраць гарадскіх і абласных уладаў, супраць міліцыі і пракуратуры. Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард – ягоны паплечнік і адзін з тых, за каго заступаўся Ігар Пастноў. Да змены імя і прозвішча ён зваўся Аляксандр Кірылаў, выхоўваўся ў дзіцячым доме і да гэтага часу не мае сталай працы.

Калі суд прызнае жыхароў Віцебску вінаватымі ў паклёпе, паводле ч.2 арт. 188 КК РБ ім пагражаюць штрафы, грамадскія працы на тэрмін да аднаго году, або арышт ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя