Дыктоўку ў Гародні прысвяцілі 500-годдзю беларускага кнігадрукавання



Больш за паўсотні гарадзенцаў прынялі ўдзел ў юбілейнай 10-й беларускай дыктоўцы, якая была прысвечана Скарыну і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Для дыктоўкі быў абраны тэкст з кнігі Аляксея Каўкі “Тут мой народ”. Чытаў юбілейную дыктоўку гарадзенцам рознага ўзросту прафесар Аляксей Пяткевіч.

Пра сваё стаўленне да дыктоўкі расказвае Аляксей Пяткевіч:  

– Выключна  важны фактар, які мацуе самых розных людзей – чужых, здавалася б, і робіць з іх сваіх хоць на гэтую часіну пісання дыктоўкі. І закладае ў іхныя душы нейкую нязнаную таямнічую сілу, якая лучыць чалавека з Беларуссю.  

Для сябра БХД Сяргея Верамеенкі першая сёлетняя дыктоўка была на дзень Волі 25 сакавіка:

– 25 сакавіка 2017 года праводзілася беларуская дыктоўка, яе пісалі на курсах “Мова Нанова” а 12-й гадзіне. Я гэта дакладна ведаў, але, на жаль, далучыцца не змог. Мне прыйшлося пісаць дыктоўку па месцы знаходжання, то бок, у  Ізалятары часова ўтрымання. У якасці дыктоўкі я для сябе выбраў верш Дануты Бічэль „Вандроўка па Гародні з Уладзімірам Караткевічам вясной 1965”.

Арганізатарамі дыктоўкі сталі актывісты розных грамадскіх арганізацый Гародні. Падчас 10-й юбілейнай дыктоўкі кожны атрымаў падарункі ад Беларускага  Радыё Рацыя.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня