Дызайнерка Яна Марчук расказала, як палепшыць парк Жылібера



У гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцця” прайшла адкрытая лекцыя ландшафтнага дызайнера Яны Марчук. Яна, як народжаная гарадзенка, дэтальна вывучыла і прапанавала да разгляду тэму пра парк Жылібера, які размешчаны ў цэнтры горада.  Што было, што ёсць і што можна зрабіць – даведаліся слухачы лекцыі.

Кажа супрацоўнік „Цэнтра гарадскога жыцця” Герман Сяргей:

– “Цэнтр гарадскога жыцця”, які пазіцыянуе сябе як культурніцкая пляцоўка, – таксама і адукацыйная, у шматлікіх сэнсах. Цэнтр распачаў новы сезон, і гэта адно з мерапрыемстваў да пачатку новага сезону. Адна з ідэяў, якую варта падтрымаць, таму што яна можа змяніць горад да лепшага. Мы запрасілі Яну Марчук з яе ініцыятывай на прыкладзе змянення ўпарадкавання ў парку Жылібера. Бо гэта гістарычная каштоўнасць горада, і таму яна мусіць неяк змяніцца і не быць у такім стане, у якім знаходзіцца зараз. Бо гэта спадчына губляецца. Гэта не толькі гістарычная, але і экалагічная спадчына.

На лекцыі прадставілі ўнікальныя графічныя выявы: фотакарткі, мапы, гравюры. Яны даюць больш шырокую карціну гісторыі славутага парка, які перажыў розныя эпохі і мяняў сваё прызначэнне.

Вось якім бачыць парк імя Жылібера лектарка Яна Марчук:

– Мне зараз не падабаецца тое, што гэты парк не ўтульны. На мой погляд, там мала раслін, там зашмат бетону, парк не мае характару месца для ціхага адпачынку, месца для расслаблення, для размоваў. Я бы хацела, каб парк быў менавіта такім. У сённяшенім парку мне не ўтульна.

Удзельнікі дыскусіі задавалі  шмат пытанняў пра будучыню парку імя Жылібера. 

Насамрэч многія турысты, якія наведваюць парк, задаюцца пытаннем: “Дзе ж той славуты батанічны сад, які стварыў француз Ян Эмануэль Жылібер?”

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара