“Дзедзіч” рыхтуецца да форуму грамадскіх арганізацый Берасцейшчыны



Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у межах падрыхтоўкі да форуму грамадскіх арганізацый Берасцейскай вобласці наведала шмат гарадоў, дзе знаёмілася з прадстаўнікамі недзяржаўных грамадскіх арганізацый. На сустрэчах былі прадстаўлены праграмы, якія будуць разгледжаны падчас мерапрыемства.

 

Мэта форуму – стварэнне адной пляцоўкі для арганізацый і папулярызацыя гэтых арганізацый, кажа кіраўнік агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Зміцер Шыманскі:

– Мы паспрабуем падчас форуму стварыць інфармацыйную пляцоўку для таго, каб усе неграмадскія арганізацыі Берасцейскай вобласці маглі, па-першае, пазнаёміцца адзін з адным, а па-другое, аператыўна абменьвацца інфармацыяй пра плануемые мерапрыемствы. Другая задача, якая яшчэ можа быць вырашана, – гэта супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі. І безумоўна пытанне стасункаў з мясцовымі ўладамі.

Форум адбудзецца ў пачатку снежня.

Паводле Наталлі Казлоўскай, яны спадзяюцца, што вынікам форуму стане не толькі агульная пляцоўка для дзейнасці, але і электронны інтэрнэт-каляндар, дзе ўсе арганізацыі Берасцейшчыны будуць узгадняць свае імпрэзы і каардынаваць сваю дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя