Дзень без аўтамабіля ў беларускай глыбінцы
22 верасня – Дзень без аўтамабіля. У акцыі ўдзельнічаюць тысячы гарадоў больш чым 35 краін. Як адзначаюць дзень без аўтамабіля ў горадзе Глыбокім? Карэспандэнтка запыталася ў месьцічаў, ці змаглі б яны адмовіцца ад аўтамабіля на дзень, а калі ўзнікнуць фінансавыя цяжкасці, ці змаглі б адмовіцца ад яго ўвогуле.
– Адмовіўся б.
РР: Вы падтрымалі акцыю. А ці маглі б адмовіцца ўвогуле, калі б, напрыклад, цяжкі фінансавы стан?
– Не, у цяперашні час нельга адмовіцца ад аўтамабіля. Гэта ўжо не раскоша, а сродак для перамяшчэння. Без яго ні туды і ні сюды.
– Працую прадпрымальнікам, і таму я не магу адмовіцца ад аўтамабіля. Ездзіць начальства, дык яны маглі б абыйсціся і без аўтамабіля. А той хто працуе і з’яўляецца здабытчыкам жыцця, гэты без аўтамабіля не можа.
– Ну ні як. Трэба ў краму. Ужо прыехаў. Усё роўна трэба некуды ехаць. То ў Шаркоўшчыну трэба ехаць.
– Не, цяжка адмовіцца. Фінансаў, канешне, шмат ідзе. Затое зручна. Куды трэба – пад’едзеш.
– Не, аўтамабіль патрэбны. Ну можна некалькі дзён абыйсціся без яго. Але ўвогуле – ніяк.
Апошнім часам на вуліцах Глыбокага стала заўважна шмат аўтамабіляў з налепкамі аб продажы аўто, але, як высветлілася, эканамічны крызіс не паўплываў на змяншэнне колькасці аўто ў горадзе.
Паводле дадзеных ДАІ, у Глыбоцкім раёне на 1 студзеня гэтага году было зарэгістравана болей за 18 200 аўтамабіляў. Гэта на тысячу больш, чым у мінулым годзе.
Беларускае Радыё Рацыя