Дзень дэсантніка і сіл спецыяльных аперацый адзначылі ў Глыбокім



Культурна-спартовае свята пачалося ў парку Перамогі з мітынгу-рэквіему. Потым перамясцілася на галоўную плошчу горада. Там адбылася канцэртная праграма “Ніхто, акрамя нас”. Свята наведала каля пяцідзесяці глыбоцкіх дэсантнікаў.

Дэсантнікі Глыбокага распавядаюць, што азначае для іх гэтае свята і як яны яго святкуюць:

– Сапраўднае свята для тых, хто служыў у ВДВ, хто ведае, што такое служба ў ВДВ. Служба вельмі цяжкая. Словамі не расказаць. Вельмі складаная.

– Мы збіраемся. Моладзь, гэта нашыя дзеці, яны ідуць разам з намі. Мы іх вучым, як сябе паводзіць. Можа ў 90-х і было такое, што дэсантнік на кагосьці руку падняў, або яшчэ штосьці. Але ў нашым раёне даўно ўжо ўсё праходзіць культурна.

Падчас свята прысутныя ўсклалі кветкі да мемарыялу загінулых у Афганістане. Працавалі тэматычныя пляцоўкі “Курс маладога байца”, спартова-гульнявыя, пажарна-выратавальная. Вёўся гандаль. Продаж спіртных напояў у гэты дзень быў забаронены, але некаторыя дэсантнікі ўжо да афіцыйнага свята адзначылі гэты дзень. Але ў сваю чаргу трэба адзначыць, што ў фантаны і цэнтральныя вадаёмы горада падчас свята ніхто не акунаўся.

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі