Дзень памяці ахвяр Халакосту ў Гародні



Дзень памяці ахвяр Халакосту і нацыянал-сацыялізму адзначаны ў Гародні. Цэнтральнай падзеяй стала грамадска-рэлігійная імпрэза ў Вялікай харальнай сінагозе.

Госці з дыпламатычнага корпусу, святары грэка-каталіцкай і праваслаўнай, а таксама пастар лютэранскай Цэркваў, выступілі са словамі  салідарнасці з ахвярамі і асуджэння нацыянал-сацыялізму і палітыкі нянавісці. Рабін юдэйскай грамады праспяваў малітву на іўрыце. Яўген Калодзін – арганізатар імпрэзы, так выказаў свае адчуванні з нагоды Дня памяці:

– Гародня таксама трымае эстафету памяці ў міжнародным грамадстве, каб быць ягонай годнай часткай. Сёння сабралася шмат моладзі і з Польскага грамадскага ліцэя, і студэнтаў універсітэта, гэта вельмі прыемна. Тых, хто прайшоў трагедыю Халакоста дзіцём, або нарадзіўся толькі-толькі ў пасляваенныя гады, такіх членаў габрэйскай грамады сёння вельмі шмат. І наша мэта – пераказ для моладзі. І яны сёння тут.

Маўклівы перформанс на вуліцы Савецкай правёў фрык-тэатр „Гексаген”. Аматарскі тэатральны калектыў, апрануўшыся ў адзенне з шасціканцовымі зоркамі, як мусілі апранацца  ў часы панавання нямецкага нацыянал-сацыялізму прадстаўнікі жыдоўскай супольнасці. Як людзі рэагавалі, кажа ўдзельнік пэрформансу:

– Мы прайшлі менавіта як тыя самыя габрэі, якія ішлі толькі па праезнай частцы, якім нельга было заходзіць у паркі, скверы, кінатэатры, тэатры. Мы ішлі толькі пасярод вуліцы, адзін за другім, моўчкі. Не падымаючы галоў. Так, як гэта было ў часы Гарадзенскага гета. Вельмі пазітыўнай была адна рэакцыя. Я чуў, як бацька распавядаў дзіцяці пра тое, што сёння Дзень памяці ахвяраў Халакоста. І што ў Гародні было гета. А маці казала: што ты кажаш?! Яму яшчэ рана гэта ведаць.

Мастацкае аздабленне іпрэзы дапоўніў аркестр „Нота-Бэнд”, фрык-тэатр „Гексаген”. Таксама, падчас імпрэзы была прэзентавана святовая акцыя „Спыні гэту гісторыю”, якая ставіць задачу спыніць антысеміцкія выпады.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня