“Дзень Волі” адбудзецца ў Гародні



Заяўнікі мітынга-канцэрта ў Гародні, прысвечанага святкаванню 100-годдзя БНР, атрымалі афіцыйны дазвол ад уладаў гораду. Пра гэта было паведамлена на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Цэнтры гарадскога жыцця. Мерапрыемства ў Гародні адбудзецца 25 сакавіка ў Каложскім парку з 14.00 да 17.00.

Пра атрыманне дазволу распавядае адзін з заяўнікаў, грамадскі актывіст Зміцер Бандарчук:

– Не было цяжкасці атрымаць гэты дазвол, бо напэўна і ўлады добра разумеюць усю важнасць гэтай падзеі – і што гэта юбілей, і што людзі ўсё роўна будуць святкаваць. А ў якім фармаце, гэта, магчыма, і залежыла ад іх. Усе вырашылі, што фармат мітынга-канцэрта – гэта лепшы варыянт за нічога.  

Адразу пасля атрымання дазволу гарадзенцы распачалі збор сродкаў на правядзенне мерапрыемства. Пра збор скродкаў кажа сябра аргкамітэта па святкаванні, кіраўнік гараденскай “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

– Гэта залежыць фактычна ад кожнага зацікаўленага гарадзенца. Гэта сапраўды не толькі збор грашовых сродкаў, хаця гэта вельмі важны элемент, таму што ад колькасці грошай, якія мы зможам назбіраць, залежыць і музыкі, і ўзровень выстаўленага абсталявання. Але таксама і каштоўныя ідэі. Калі яны не будуць скарыстаныя ў гэтай падзеі, яны могуць быць скарыстаныя далей. І вы таксама зможаце атрымаць тое, чаго хацелі – з нашай дапамогай, з дапамогай сваіх сяброў, з дапамогай сваіх калег, магчыма, недзе з дапамогай горада.

Арганізатары святкавання збіраюцца сабраць 8270 рублёў. Грошы патрэбныя для аплаты электрычнасці, арэнды сцэны і гукаўзмацнення, кампенсацыі музыкам, што будуць удзельнічаць у трохгадзінным канцэрце для гарадзенцаў, асобныя выдаткі пойдуць на аздабленне свята – урачыстую сімволіку і промапрадукцыю.

Ахвяраваць можна асабіста ў памяшканні крамы „Цудоўня”, альбо пазваніўшы арганізатарам свята, і яны  распавядуць пра найбольш зручную для вас магчымасць далучыцца да арганізацыі святкавання. Таксама да арганізацыі свята можна далучыцца, ахвяраваўшы зручную для вас суму праз Талаку.

Прадстаўнікі грамадскага камітэта па святкаванню 100-годдзя БНР у Гародні будуць ладзіць вялікую колькасць мерапрыемстваў да гэта свята. Але самым заключным мерапрыемствам будзе мітынг-канцэрт, што пройдзе 25 сакавіка ў Каложскім парку.

Пра асвятленне гэтага мерапрыемства ў гарадскіх сродках масавай інфармацыі кажа кіраўнік гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– У выканкаме мы абмеркалі магчымасць размяшчэнне інфармацыі пра падзею і пра мерапрыемствы, якія будуць да свята прымеркаваныя. У газетах, напрыклад. Мы спадзяемся, што будзе шмат гэтай інфармацыі напярэдадні 25 сакавіка. Хутчэй не будзе ў фармаце, маўляў, чытачы, прыходзьце, калі ласка, на мітынг. Хутчэй за ўсё гэта будзе нейкі інфармацыйны блок пра 25 сакавіка і БНР.

Пра дамову з музыкамі, якія плануюць выступіць на канцэрце 25 сакавіка ў Гародні, распавядае Андрэй Несцяровіч:

– Гэта такія гурты, як “Гаротніца” з Андрусём Такіндангам, гэта гурт Handmade, маладыя, але таксама якасныя выступоўцы. Вядуцца перамовы з гуртамі “Разбітае сэрца пацана” і “B:N:”. Цалкам верагодна, што будуць і адны, і другія. А для аматараў музыкі крышку пацяжэй – Trollwald (ех-Litvintroll ).

25 сакавіка 2018 года ў Каложскім парку Гародні плануюцца выступы музычных гуртоў, святочныя віншаванні гасцей і арганізатараў, прамовы гісторыкаў, тэматычная фотазона і сімволіка, фудкорт (кава і гарбата), сувеніры і атрыбутыка. Апроч мітынга 25 сакавіка гараденцы плануюць да 100-годдзя БНР правесці літаратурную вечарыну 23 сакавіка, а 24 сакавіка пройдзе традыцыйная беларуская дыктоўка.

Беларускае Радыё Рацыя