Дзень Волі адзначылі беларусы Сівершчыны



Святкаванне праходзіла ў надзвычай прыязнай атмасферы, чаму спрыяла гасціннасць украінскіх актывістаў. Кіраўніцтва культурна-мастацкага цэнтра “Інтэрмецца” прадставіла сваё памяшканне, тэлевізійную і кампутарную апаратуру, а таксама зрабіла ўсё, каб стварыць адчування свята.

Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці і ўкраінскія актывісты падыскутавалі наконт узаемаадносінаў БНР і УНР, пасля чаго ўшанавалі памяць герояў Антытэрарыстычнай аперацыі, сярод каторых ёсць і беларусы.

Пра беларускіх валанцёраў украінскага паходжання распавядае а. Яўген Орда, пратаіерэй чарнігаўскай Кацярыненскай царквы:

– У нашу царкву ходзіць багата тутэйшых беларусаў і асабліва беларусак. Беларускія жанчыны – рэлігійныя, сумленныя і вельмі працавітыя. Я рэгулярна выязджаю на фронт, як капелан, маю больш за трыццаць паездак і важу нашым хлопцам дапамогу. Нашыя парафіянкі з беларусаў дапамагаюць мне, як толькі можна.

Дзень Волі адзначаецца ў Чарнігаве ўжо чацверты год запар.

Беларускае Радыё Рацыя