Дзень Волі на Лепельшчыне



100-годдзе з дня абвяшчэння незалежнасці БНР адзначылі  на Лепельшчыне. На аграсядзібе грамадскага актывіста Васіля Шкіндзера сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. 

Паводле Васіля Шкіндзера, гэтае свята значнае для беларусаў, яны павінны яго святкаваць незалежна ад таго, хто пад якім сцягам – бел-чырвона- белым ці чырвона-зялёным:

– Мы сабраліся таму, што для мяне гэта свята. Я спачатку не разумеў гэтага свята, а потым даведаўся, што гэта адна са старонак нашай гісторыі дзяржаўнасці.  Дзякуючы гэтаму пачала стварацца дзяржаўнасць, і з яе з’явілася такая дзяржава. Многія дзяржавы зніклі, а нашая дзяржава захавалася. Можа не адразу, але ж з гэтага ўсё пачалося. Згуртавацца беларусам трэба, а гэта адно са святаў, якое павінна яднаць беларусаў.

І хоць пачатак свята быў азмрочаны затрыманнем лепельскіх актывістаў мясцовымі міліцыянтамі за бел-чырвона-белы сцяг у машыне і складаннем пратакола, мерапрыемства было цікавым.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя