Дзень Волі ў Гомелі адзначылі канцэртам



У Гомелі Дзень Волі адзначылі святочным канцэртам. У грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай выступіла бард Вальжына Цярэшчанка.

Арганізатар мерапрыемства Уладзімір Кацора гаворыць, што для яго Дзень Волі – гэта надзея на тое, што прыйдуць перамены:

– Паняцце волі наагул, і дзень з якім гэта атаясамляецца, прыходзіць з цягам часу. Для мяне гэта ўжо проста святое, і гэта вера ў тое, што ў нашу краіну прыйдуць перамены. Пакуль для мяне Дзень Волі – гэта вера ў тое, што перамены павінны адбыцца. 

Канцэрт – найлепшы фармат для правядзення Дня Волі, лічыць палітык Васіль Палякоў.

На ягоную думку, людзей больш прывабліваюць болей святы, чым супрацьстаянні:

– Тое, што было на 100-годдзе БНР, тое, што было ў гэтым годзе ў Гародні і Менску – гэта лепшы варыянт для таго, каб святкаваць Дзень Волі. Павінны быць шэсці, павінны быць мітынгі, але калі мы кажам пра Дзень Волі, той трэнд, які намеціўся, ён станоўчы, пазітыўны. Людзей больш прыцягваюць святы, а не супрацьстаянні і патрабаванні змены ўлады.

Акрамя святочнага канцэрта ў Гомелі адбыліся і іншыя мерапрыемствы з нагоды Дня Волі. Дэмакратычная супольнасць наведала магілы дзеяча беларускага нацыянальга супраціву Цімоха Вострыкава і ўдзельніка рэвалюцыі ва Украіне Міхаіла Жызнеўскага. А таксама грамадскія актывісты ўсклалі кветкі да дома, дзе жыла міністарка БНР Палута Бадунова. Адзначэнне 101-й гадавіны абвяшчэння БНР прайшло ў Гомелі без затрыманняў. 

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель