Дзень Волі ў Гомелі (абноўлена)



Каля тысячы чалавек паўдзельнічала ў акцыі пратэсту ў Гомелі.

Спачатку гомельцы а 12.00 сустрэліся на плошчы Паўстанння, дзе ўлады арганізавалі кірмаш. Пасля пратэстоўцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі незалежнага прафсаюза РЭП рушылі да Дома культуры “Віпра”, дзе ўлады дазволілі акцыю пратэсту.

Улады не чакалі, што пратэстоўцы пойдуць да месца, дзе дазволілі мітынг. А таму да Дома культуры “Віпра” сагналі ўсіх дзяржаўных журналістаў. А 12.00, калі большасць гомельцаў збіралася на плошчы Паўстання, каля Дома культуры былі толькі дзяржаўныя журналісты, людзі ў цывільным і некалькі мінакоў. Але калі калона стала падыходзіць да дазволенага ўладамі месца правядзення мітынгу, каля ДК сталі збірацца людзі.

Некаторыя пенсіянеркі прыйшлі, бо даведаліся пра акцыю праз дзяржаўнае тэлебачанне.

— Я пачула па тэлевізары, што тут мітынг. І прыйшла. Вось чаму так кепска ставяцца ў нас да пенсіянераў? Там, дзе ў мяне дача, адмянілі аўтобус. Мы хадзілі да Дворніка, а ён сказаў: «Ідзіце хоць да Бога, але аўтобуса не будзе». А на маршрутках ездзіць вельмі дорага.

Гомельцы, якія прыйшлі на акцыю, адзначалі, што яны супраць бязмежжа ўладаў.

Пенсіянер:

— Не згодныя з гэтым дэкрэтам. Мы супраць таго, што адбываецца ў нас у эканоміцы. Мы супраць гэтага бязмежжа.

Жанчына:

Мы супраць дэкрэта. Я за тых хлопцаў, якіх закрылі. Я не згодная з уладай.

Малады чалавек:

— Улады ствараюць непарадкі, яны чыняць рэпрэсіі, саджаюць невінаватых людзей за тое, што яны выказваюць свой пункт гледжання.

Уся плошча, дзе дазволілі акцыю пратэсту, была абнесеная турнікетамі. Міліцыянты даглядалі торбы ўсіх, хто ўваходзіў унутр. А таксама правяралі ўсіх дэтэктарамі. Мітынгоўцам не давалі праносіць за турнікеты сцягі. Пільны дагляд вельмі раззлаваў прысутных.

Да пратэстоўцаў каля Дома культуры «Віпра» выйшаў намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атманчук. Чыноўнік запрашаў людзей прайсці ўнутр, аднак пратэстоўцы адмовіліся. Актавая зала Дома культуры разлічаная на 400 месцаў, а прысутных было каля тысячы.

14:55

Затрымалі журналістку БелаПАН Алену Германовіч. Пра гэта паведаміў яе муж Паўлюк Міцкевіч. На дадзены момант журналістка на званкі не адказвае.

15.15

Журналістку Алёну Германовіч адпусцілі. Пра гэта Германовіч паведаміла ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку. Таксама журналістка паведаміла, што ў аддзеле ўнутраных справаў Чыгуначнага раёна Гомеля знаходзяцца сябра АГП Аляксандр Процка і Уладзіслаў Шкандратаў, які трымаў надпіс “Свабоду Філіповічу”.

16.47

Па завяршэнні акцыі пратэсту ў Гомелі адбылося некалькі затрыманняў найбольш актыўных удзельнікаў. Гомельцы Наталля Шчукіна і Аляксандр Процка цягам усяго шэсця неслі нацыянальную сімволіку і сцяг зарэгістраванай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У працэсе мітынгу да іх некалькі разоў падыходзілі міліцыянты з патрабаваннем прыбраць “незаконную сімволіку”. У канцы мерапрыемства Наталля Шчукіна і Аляксандр Процка былі затрыманыя міліцыянтамі.

На гэты момант невядомы лёс журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яе затрымалі ў цэнтры горада з-за таго, што яна не з’явілася на допыт па адной з ранейшых адміністрацыйных справаў. У гэты момант сувязь з Ларысай Шчыраковай адсутнічае.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель