Дзень Волі ў Лідзе



У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылося мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Вечарыну вялі паэт Алесь Хітрун і дырэктарка музея Ганна Драп.

Падчас святкавання ў гэты дзень гучалі патрыятычныя песні ў выкананні Сяргея Чарняка. Артыст Алег Лазоўскі выдатна выканаў вершы лідскіх паэтаў Уладзіміра Васька і Станіслава Судніка.

Прафесар з Гародні Аляксей Пяткевіч распавёў прысутным кароткую гісторыю БНР, а Лявон Лаўрэш цікава пазнаёміў усіх з лёсамі невядомых асобаў, якія пакінулі незабыўны след у гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Падчас святкавання вялікага юбілею ў Лідзе гучала шмат вершаў ад Станіслава Судніка, Рычарда Бялячыца, Алы Нікіпорчык. Кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка прэзентаваў “Новы замак” 2017 года і шчыра павіншаваў усіх прысутных са слаўным юбілеем.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара