Дзень Волі ў рэгіёнах (абнаўляецца)



Дзень Волі дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае ў Берасці, Гародні , Гомелі, Віцебску. 

14:00 Гомель

Мітынг у Гомелі скончаны. Каля тысячы чалавек паўдзельнічала ў Дні волі ў абласным цэнтры. Спачатку гомельцы сустрэліся на плошчы Паўстанння, дзе ўлады арганізавалі кірмаш. Пасля ўдзельнікі шэсце пад бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі да Дома культуры “Віпра”, дзе ўлады дазволілі акцыю пратэсту. Гомельцы, якія прыйшлі на акцыю, адзначалі, што яны супраць бязмежжа ўладаў.

Гомельцы, якія прыйшлі на акцыю, адзначалі, што яны супраць бязмежжа ўладаў.

Пенсіянер:

— Не згодныя з гэтым дэкрэтам. Мы супраць таго, што адбываецца ў нас у эканоміцы. Мы супраць гэтага бязмежжа.

Жанчына:

— Мы супраць дэкрэта. Я за тых хлопцаў, якіх закрылі. Я не згодная з уладай.

Малады чалавек:

— Улады ствараюць непарадкі, яны чыняць рэпрэсіі, саджаюць невінаватых людзей за тое, што яны выказваюць свой пункт гледжання.

Да пратэстоўцаў каля Дома культуры “Віпра” выйшаў намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атманчук. Чыноўнік запрашаў людзей прайсці ўнутр, аднак пратэстоўцы адмовіліся. Актавая зала Дома культуры разлічаная на 400 месцаў, а прысутных было каля тысячы.

13.35 Гародня

Мітынг скончыўся пад воклічы „Жыве Беларусь”. некалькі хвілін пасля дазволенай акцыі засталіся прадстаўнікі кампаніі „Гавары Праўду” і два дзясяткі „шунявак”, міліцыянтаў у цывільным.

12:40 Гародня

У Каложскім парку праходзіць мітынг, на якім прусутнічае каля 200 чалавек. 

Андрэй Дзмітрыеў даруе ўдзельнікам мітынгу копіі пашпартоў БНР.

Берасце

Каля пяцісот чалавек прынялі ўдзел у маршы і мітынгу, прысвечанаму Дню Волі, ў Берасці. Гэта першая дазволеная ўладамі акцыя ў цэнтры горада за апошнія некалькі гадоў, якая аднак адбывалася на фоне прэвентыўных арыштаў яе імаверных лідараў: Наталлі Папковай, Андрэя Марача, Андрэя Шарэнды і “анархістаў”.

Кажа краязнаўца Ігар Бараноўскі:

25 сакавіка – Дзень Волі, калі беларусы абвясцілі свету, што хочуць будаваць сваю дзяржаву. І сёння мы пацвярджаем, што хочам адстойваць свае правы, хочам жыць годна, дастойна. Сёння Дзень Волі – і менавіта сэнс гэтага слова падкрэсліваецца ў той падзеі амаль 100-гадовай даўніны. І гэта таксама дзень памяці тых, хто прысвяціў сябе будаўніцтву беларускай дзяржаўнасці. Сёння адно з самых масавых мерапрыемстваў. Раней у 90-х ладзіліся мітынгі на стадыёне “Будаўнік”. Яны канешне таксама былі масавыя, але настолькі шматлюдных я нават не прыгадаю.

Акцыя была дазволена мясцовым гарвыканкамам і таму абыйшлася без затрыманняў і прысутнасці вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі.

 

 

Шэсце прайшло па запланаваным маршруце ад скрыжаванняў вуліцы Машэрава і бульвара Касманаўтаў да плошчы Свабоды. На мітынгу на плошчы Свабоды выступілі прадстаўнікі аргкамітэту святкавання, грамадскія актывісты і прадстаўнікі мясцовых уладаў. Дзея скончылася ў 14:00.

* * * 

Калона удзельнікаў рушыць па вул. Машэрава. Яны скандуюць «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя», «Хлеба, солі, зямлі, волі!», а таксама, вядома ж, «Жыве Беларусь!».

Жывую трансляцыю з Віцебска вядзе телаканал Белсат:

Віцебск святкуе дзень волі

Posted by «Белсат» on Samstag, 25. März 2017

12:20 Гародня

У Каложскім парку больш за 100 чалавек.

11:58 Берасце

На месцы збору каля 150 чалавек.

11:50 Гародня

На месцы збору пачалі пачалі збірацца удзельнікі акцыі, журналісты, грамадскія актывісты.

Андрэй Дзмітрыеў

Улады Берасця дазволілі правесці марш на Дзень Волі 25 сакавіка. Збор удзельнікаў на перакрыжаванні вуліц Машэрава-Касманаўтаў. Пачатак прызначаны на 12 гадзін. Шэсце пройдзе праспектам Машэрава, далей пешаходнай вуліцай Савецкай, затым вуліцай Будзённага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч паведаміла, што прыме сёння ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Берасце. У 10.20, пад’язджаючы да абласнога цэнтра, яна сказала «Салiдарнасцi» па тэлефоне, што ў Брэсце паспрабуе адшукаць затрыманага Уладзіміра Някляева.

У Гародні святкаванне Дня Волі пройдзе з 12.00 да 14.30 у Каложскім парку каля стэлы 850-годдзя горада.

Супрацоўнікі міліцыі перакрываюць рух аўтамабіляў да Каложскага парку,  дзе прызначаны мітынг, — паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

У Гомелі збор удзельнікаў акцыі дазволены на плошчы Паўстання. Пачатак у 12 гадзін. Але ўжо зараз вакол плошчы ствараюцца барыкады з гарадскіх аўтобусаў.

У Віцебску ўлады не дазволілі шэсце і мітынгі на Дзень Волі. Адмовы атрымалі абодва заяўнікі Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску забараніла двухгадзінны мітынг сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, а Віцебскі абласны выканаўчы камітэт адмовіў старшыні Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусю Смолікаву ў дазволе на правядзенне заяўленых ім на 25 сакавіка мітынгу і шэсця. Яны папярэджаныя аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.