„Дзецюкі” выступілі ў Беластоку



Людзі прыехалі з розных гарадоў і нават з-за мяжы, каб пачуць свой любімы гурт. У Беластоку выступіў забаронены ў Беларусі гарадзенскі гурт “Дзецюкі”. Мерапрыемства ў студэнцкім клубе “Гвінт” сабрала каля 300 чалавек, пераважна гэта былі беларусы.

 

Кажа вакаліст «Дзецюкоў» Павел Трублін:

Мне падаецца, што гэта адзін з найлепшых нашых канцэртаў у сэнсе энергетыкі. Было адчуванне, што гэты канцэрт недзе ў Беларусі, бо прыехала шмат беларусаў.

– У нас тут інтэрнацыянал: з Берасця, Лунінца і пяць полацкіх.

– Калі яны не могуць выступіць у Беларусі, то я вырашыў паехаць на іх канцэрт у Беласток.

– Спяваюць на вельмі балючыя тэмы. Наша дзяржаўная палітыка ўсё, пра што яны тут спяваюць, закопвае ў зямлю, якую топча бруднымі нагамі.

– Яны ўсе гэтыя тэмы праз сябе прапускаюць, таму шчыра гэта выдаюць. Калі слухаеш – ім верыш.

Гурт “Дзецюкі” паўстаў у 2012 годзе ў Гародні. Музыкі спяваюць выключна на беларускай мове і граюць мяшанку фольку і панку. Гарадзенцы закранаюць у сваіх тэкстах тэмы, звязаныя з гісторыяй Беларусі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота facebook.com/alaksej.trubkin