«Dzieciuki» ўпершыню зайгралі ў Берасці



Канцэрт адбыўся ў адным з пабаў горада, пад дахам якога сабралася каля 120 чалавек. Сваімі ўражаннямі ад выступу ў горадзе над Бугам дзеліцца адзін з лідараў каманды Алесь Дзянісаў:

Ёсць кола людзей, якія нас падтрымліваюць, прыходзяць на нашы канцэрты. І зразумела, што не ўсе даюць рады даехаць да Беластока ці Віцебска. Зараз атрымалася, што мы прыехалі ў Берасце, і ясна, што большасць нашых суседзяў, паўднёва-заходніх сяброў, прыйшло на канцэрт. Цікава, што прыехала некалькі чалавек з Полацка, прыехаў чалавек з Гданьска, беларус з Гародні таксама. Фантастыка!

Прадстаўнікоў праваахоўных органаў у пабе і ля яго не было, таму і імаверных канфліктаў з імі ўдалося пазбегнуць. Бадай палова наведвальнікаў былі апрануты ў вопратку з нацыянальнай сімволікай і каларытам. Яны дзеляцца сваімі ўражаннямі ад канцэрта:

Вельмі вялікі плюс, што гэта ў родным горадзе, у Берасці, што яны нарэшце прыехалі. Таму вельмі файна.

– Мне, па-першае, вельмі спадабалася, што каб пачуць іх, не давялося ехаць за мяжу ці нават у Менск. Крута, што яны прыехалі да нас. Увогуле, было адчуванне беларускага берасцейскага заходняга адзінства і гэта было насамрэч крута.

Цягам канцэрта людзі час ад часу скандавалі “Жыве Беларусь!”. Сам выступ скончыўся песняй “Партызан” з былога рэпертуару таксама гарадзенскага гурта “Людзі на балоце”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара