Дзіця, якое знікла ў Белавежскай пушчы, шукаюць 500 чалавек



Да пошукаў школьніка з вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна, які чатыры дні таму сышоў у Белавежскую пушчу ў грыбы, шукаюць ужо больш за 500 чалавек. Пакуль выяўленыя толькі ровар хлопчыка і кошык з грыбамі.

Як паведаміў супрацоўнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Яраслаў Васілеўскі, удалося высветліць, чым займалася дзіця перад знікненнем. Мясцовыя дзеці распавялі, што яны ў той вечар гулялі на школьным стадыёне. Потым хлопчык прапанаваў схадзіць у лес у грыбы, але ніхто не захацеў, і тады ён адправіўся адзін. Кошык з грыбамі і ровар знайшлі на ўскраіне лесу.

Мясцовыя жыхары цяпер ламаюць галаву, куды магло падзецца дзіця. Дзеці Новага Двара добра ведаюць мясцовыя лясы. Пушча пачынаецца за плотам школы, а, каб трапіць у лес з катэджнага раёна, у якім жыве дзіця, трэба перайсці толькі вузкую дарогу.

„Можна сказаць, што нашы дзеці выраслі ў лесе. Для іх пайсці ў лес — гэта як гарадскому дзіцяці схадзіць у краму ці на дзіцячую пляцоўку. Цяпер нас пытаюцца, чаму хлопчык так позна адправіўся ў лес. Але ён бачыў, што яшчэ не зусім сцямнела, што можна хутка дайсці да знаёмай грыбны палянкі. У бацькоў не было сумненняў”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Ларыса Пархімовіч.

Зніклага ў школе характарызуюць станоўча — ціхі, руплівы, з добрай паспяховасцю. У лістападзе яму споўніцца 11 гадоў. Мама хлопчыка працуе прыбіральшчыцай у мясцовай школе, бацька — у мясцовым СВК.

Цяпер практычна ўся вёска адправілася на пошукі дзіцяці, у тым ліку настаўнікі і старшакласнікі. Напрыклад, вучні 11 класа сёння адправіліся ў суседнюю вёску, каб апытаць мясцовых жыхароў.

Паводле інфармацыі прэс-службы УУС, у пошукавай аперацыі задзейнічана больш за 500 чалавек: супрацоўнікі міліцыі, ратавальнікі, шматлікія добраахвотнікі са Свіслацкага раёна. Выкарыстоўваюцца сабакі, квадракоптары, верталёт. У школе распавялі, што з нядзелі да пошукаў далучыўся атрад „Цэнтр Спас” з Гародні, а сёння ноччу прыехаў пошукава-выратавальны атрад „Анёл” з Менска. БелаПАН