Дзіяна Серадзюк: АМАПавец назваў мяне вядомай апазіцыянеркай



Адміністрацыйны працэс над журналісткай газеты „Новы Час” Дзіянай Серадзюк сабраў у Першамайскім судзе Менска мноства людзей. Першая зала, выбраная для пасяджэння, не змагла змясціць усіх жадаючых, таму слуханні адбыліся ў іншай.

Прадстаўнік АМАПу Віталь Івашкоў сведчыў, што бачыў Серадзюк на Кастрычніцкай плошчы з 18:00 да 18:40 з бел-чырвона-белым сцягам у руках. Дакументы, прадстаўленыя журналісткай, яе сведкам і абаронай, прадэманстравалі ілжэсведчанні міліцыянта, паколькі Серадзюк у гэты момант знаходзілася ў зусім іншым раёне Менска.

Пры гэтым амапавец назваў журналістку „вядомай апазіцыянеркай”, кажа Дзіяна Серадзюк:

– Вельмі ўражаная тым, што я, аказваецца, вядомая асоба ў апазіцыі, сярод лідараў мяне назвалі. Гэта вельмі смешна і весела, бо я перадусім журналіст, а не апазіцыянер. Увогуле мяне не было ў той дзень на той акцыі, у той час, у тым месцы – за што мяне судзілі. Я ехала да сваёй знаёмай разам з мужам. Мы дамаўляліся на сустрэчу і, прыехаўшы, прабылі там гадзіны паўтары – гэта было ў той час. 

Акрамя таго, міліцыянт Івашкоў заявіў, што пісаў пратакол ад рукі, у той момант як насамрэч пратакол надрукаваны. Дзіяна Серадзюк пракаментавала такія паказанні:

– Я не ведаю насамрэч адкуль ён гэта ўзяў, прыдумаў ці можа быць ён мяне з кімсьці пераблытаў, не ведаю. Ён казаў, што я была, што я трымала сцяг і выкрыквала лозунгі. Гэта, канешне, безумоўна няпраўда. Насамрэч гэта лагічна, што справу адправілі на дапрацоўку, бо там пратакол складзены абы як і сведкі казалі хлусню. У ідэале напэўна было б правільна, калі б справу закрылі, а да адказнасці прыцягнулі гэтых сведак.

Справа накіраваная на дапрацоўку. У бліжэйшы час міліцыя можа перапісаць пратакол і зноў накіраваць яго ў суд. Таксама на наступнае паседжанне павінна з’явіцца сяброўка Дзіяны Серадзюк, у якой журналістка і была ў момант акцыі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск