Дзмітрый Бекалюк: Улада ўжо не ведае, як адказваць на нашы аргументы



Роўна год таму адбыўся першы мітынг супраць будаўніцтва акумулятарнага завода „АйПаўэр” пад Берасцем. Мерапрыемства было спантанным і праходзіла непасрэдна каля будаўнічай пляцоўкі, якая месцілася ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”.

Кажа адзін з удзельнікаў той акцыі Дзмітрый Бекалюк:

– Улада ўжо не ведае, як адказваць на тыя аргументы, якія мы агучваем. І ім нічога не застаецца, як проста не адказваць на нашыя пытанні. Але мы ведаем, куды далей ісці. Мы не спыняемся. І я ўпэўнены, што гэтая вытворчасць, у небяспечным выглядзе, запушчана не будзе. Калі яна будзе запушчана, дык ў нейкім іншым выглядзе, бяспечным для людзей. Мы гэтага будзем дамагацца.

Менавіта пасля мітынгу пачалася кампанія па зборы подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. У падпісных аркушах тады берасцейцы і жыхары ваколіц пакінулі каля 40 000 подпісаў. За час супрацьстаяння праціўнікаў будаўніцтва з прадпрыемствам „АйПаўэр” і мясцовымі ўладамі былі праведзены некалькі кампаніяў, судовых разбіральніцтваў і дзясяткі мітынгаў. Ад пераследу ў выглядзе затрыманняў, арыштаў і штрафаў пацярпелі дзясяткі праціўнікаў будаўніцтва, праваабаронцаў і журналістаў, якія асвятлялі тэму.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.